Monday, August 27, 2012

У кніжнай серыі “Гарадзенскай Бібліятэкі” выйшла новая кніга Зянона Пазьняка - “Добрая фатаграфія”!




 Кніга складаецца з 56 эсэ на 239 старонках пра фатаграфіі з краінаў Еўропы і Амерыкі ад сярэдзіны 19 ст. да нашых дзён. Гэтай кнігай Зянон Пазьняк прэзентуе сябе як мастацтвазнаўца, дасведчаны фатограф і праваднік у свет прыгожага.

Wednesday, June 6, 2012

“У прыродзе няма нічога прыгажэйшага за жанчыну”


Да друку рыхтуецца новая кніга Зянона Пазьняка. Гэтым разам ён адкрыецца большасьці беларусаў зь невядомага дагэтуль боку – як уедлівы фатограф, захоплены сузіральнік, знаўца-эстэт, крытык безгустоўнасьці. Зянон Пазьняк распавядае пра сваё захапленьне фатаграфіяй, дэманструе нам эпоху, у якой былі вузкаплёначныя фотаапараты “Смена”, поўныя фатографаў Суботнікі, здымкі жанчын у стылі “ню”. Ён лічыць, што сёньня жаночае хараство дэградуе, мастацкая фатаграфія ў Беларусі надалей у заняпадзе, але называе прозьвішчы беларускіх фатографаў, майстэрства й здымкі якіх высока цэніць.


Saturday, June 2, 2012

Зянон Пазьняк. Горад цудоўны юнацтва



Самыя вялікія мастацтвы –
Музыка Боская
І фатаграфія чалавечая.
Музыка – вечнасьць.
У фатаграфіі – адбітак яе –
Дачасная плыннасць быцьця.

Зянон Пазьняк.“Карціна сьвету”

...Да таго, як адкрыць сьвету праўду пра Курапаты, Зянон Пазьняк набыў вядомасьць як прафэсійны фотамастак. Ягоны альбом, прысьвечаны Мінску, выйшаў у 1968. У 1970 годзе ён выдаў фотаальбом “Браслаўшчына”. Пасля быў славуты фотарэпартаж у часопісе “Маладосць” пра супольнае, з Ўладзімерам Караткевічамі Валянцінам Ждановічам, падарожжа па Прыпяці. Удзельнічаў у шматлікіх фотавыставах. Здымкі розных гадоў зьмешчаныя і ў апошніх кнігах Пазняка – “Глёрыя Патрыя” і “Вялікае Княства”.

Friday, May 18, 2012

Абвяшчаем збор грошай на выданне кнігі Зянона Пазьняка “Добрая фатаграфія”!


“Добрая фатаграфія” – гэта 52 мастацтвазнаўчых эсэ пра фатаграфію. Гэта таксама 52 фота, чорна-белыя і каляровыя, беларускіх, амэрыканскіх і эўрапейскіх аўтараў ад сярэдзіны ХІХ стагоддзя (пачатку ўзьнікненьня фатаграфіі) і да нашых дзён. Фота, якія натхнілі Зянона.
 
Кніга выйдзе накладам 1000 асобнікаў. Для якаснага выдання кнігі неабходная сума, эквівалентная 10 000 даляраў.
 
Пераводзіць грошы можна на раханак: 87 1140 2017 0000 4702 1291 1479

Атрымальнік: BIALORUSKIE STOWARZYSZENIE IMIENIA ROBERTA SCHUMANA
 

Адрас банку: BRE Bank S.A., ul. Senatorska 18,00- 950 Warszawa

BIC BREXPLPWMUL

IBAN PL 87 1140 2017 0000 4702 1291 1479
 

Імёны фундатараў кнігі (пры іх жаданні) будуць пазначаныя ў кнізе. Фундатары выдання атрымаюць асобнікі з аўтографам Зянона Пазьняка.
 
Кантакт:
 
Павал Мажэйка – каардынатар выдавецкай серыі “Гарадзенская бібліятэка” – knihi.z.hrodna (at) gmail.com
 
Дзмітрый Гурневіч – журналіст Польскага радыё і тэлеканалу Белсат – hurnievic (at) gmail.com

Monday, April 23, 2012

“ДОБРАЯ ФАТАГРАФІЯ”

“Добрая фатаграфія” гэта ёсьць цалкам аб'ектыўнае паняцьце. Яно (у адрозьненьне ад іншых мастацтваў) мае вельмі шырокую шкалу ацэнак і каштоўнасьцяў, што вынікае з самой прыроды фатаграфіі, фэнамэнальнай сутнасьцю якой зьяўляецца якасьць, якую мы называем “магія спыненага часу”.

У гэтым адметнасьць яе эстэтыкі, якая выяўляецца з цягам часу, прытым, бывае, уражвае так моцна, што спараджае адчуваньне, блізкае да медытацыі. У гэтым шмат хто пераконваецца, разглядаючы, скажам, даўнія фота сваіх сяброў, знаёмых, людзей і абставінаў мінулага і далёкага існаваньня. Па ўплыве часу бывае, што некалі здавалася б звычайнае аматарскае фота (нават здымак “на памяць”) выклікае ў нас трымценьне душы і ўспрымаецца зусім па-іншаму, як ацэньваўся раней – 20, 30, 40 гадоў таму. 


РАЗДУМЛЕНЬНЕ НАД СТРАЧАНЫМ ХАРАСТВОМ

Фатаграфію як мастацтва запачаткавалі мастакі. Напачатку яна і была як бы галіной графікі з ужываньнем новых тэхнічных сродкаў. Потым шляхі традыцыйнага выяўленчага мастацтва і фатаграфіі адасобіліся, і кожнае пайшло сваёй дарогай.
             
Чалавеку з базавай мастацкай адукацыяй нескладана асвоіцца ў фатаграфіі, было б жаданьне і прыцягненьне (г. зн. любоў да гэтага занятку). Тым часам прыходзіцца назіраць, як шмат хто з мастакоў фатаграфуе, але здымае абы як, пастаянна робіць элемэнтарныя памылкі.
            Прычына, як правіла, адна: такая асоба ня ставіць перад сабой творчых фатаграфічных задач, а здымае, звычайна, для ўжытковых патрэбаў, карыстаецца фатаапаратам як дапаможным сродкам фіксацыі.
            Вядомы беларускі мастак зь Пінска Яўген Шатохін такія задачы якраз ставіць і шмат здымае для свайго творчага задавальненьня, не прэтэндуючы ні на якія паказы і экспазыцыі. Ён здымае для сябе, ня росьцячы ніякіх прэтэнзіяў. 


Букецік

Амэрыканскі фатограф Робэрт Франк за сваё доўгае жыцьцё (нарадзіўся ў 1924 г.) шмат фатаграфаваў. Але вядомасьць і месца ў амэрыканскай фатаграфіі яму прынесла, фактычна, толькі адна яго фотакніга Амэрыканцы. Фатаграфуючы для кнігі, ён аб'езьдзіў усю Амэрыку, адзін раз яго за здымкі кінулі ў турму, іншы раз шэрыф сказаў яму пакінуць горад на працягу гадзіны і г. д. (У Амэрыцы здымаць гэтак жа небясьпечна, як было яно і ў Савецкім Саюзе. Абмежаваных і агрэсіўных людзей хапае ўсюды). Я, напрыклад, здымаючы ў Амэрыцы (асабліва ў першыя гады эміграцыі) меў тут больш інцыдэнтаў, чым у СССР, дзе тое было за-звычай (шпіёнаманія і т. п.). Толькі ў Амэрыцы інцыдэнты іншага кшталту.  
            Франк (эўрапеец па паходжаньні і культуры) успрымаў Амэрыку досыць скептычна. Яго здымкі выразна сацыяльныя, без аніякага прыхарошваньня Амэрыкі. Таму ягоны фотаальбом, які выйшаў у 1958 г. (і які, дарэчы, ён здымаў тры гады) быў спатканы даволі крытычна. Але потым адбылося пераасэнсаваньне, фатографа прызналі, і нават паднялі ў гару.
            Пазьней Франк адышоў ад рэальнай фатаграфіі, пачаў займацца фармальнымі экспэрымэнтамі з тэхнікай і страціў свае ранейшыя пазыцыі. Але фатаграфічныя набыткі яго засталіся. Імя гэтага фатографа добра вядомае ў Злучаных Штатах.