Monday, April 23, 2012

Васіль Быкаў


У папярэдніх сваіх разважаньнях я часта падкрэсьліваў важны пранцып у мастацтве фатаграфіі, які можна сфармуляваць так: усё ў адным. Гэта значыць адлюстраваньне самых характэрных і тыповых прыкметаў і сутнасьці зьявы ў адным фота. Такім было фота Рыгора Барадуліна, зробленае Сяргеем Шапранам, “Маці эмігрантаў” Даратэі Лянж (не экспанавалася), “Лукашызм альбо цёмнае царства” невядомага аўтара, “Начны Манмартр” Брасаі і інш.

            З усіх фатаграфіяў Васіля Быкава ёсьць адна, дзе ў абліччы гэтага вялікага чалавека адбіўся ўвесь ягоны лёс, відаць уся яго балесная, далёка схаваная душа, тая душа, якая ў людзей выяўляецца ня так ужо й часта, бо кожны яе беражэ.
            Гэтая фатаграфія была надрукаваная ў газэце “Народная Воля” ў дзень сьмерці Быкава. Відаць тыя, хто яе зьмяшчалі на паласу разьвітаньня, разумелі тое самае, пра што я кажу.


Monday, April 16, 2012

Спадарыня Сафея

Ну чым ні каралева спадарыня Сафея (альбо бабуля, баба Сафея, як казалі яе ўнукі)! Гэты выдатны партрэт зьняў на Палесьсі сьветлай памяці Міхась Раманюк. Галоўная яго задача тут была – зьняць народны строй. А атрымаўся і строй, і тыпаж, і прыўкрасны партрэт беларускай жанчыны. І кампазыцыя, і фон, і аксэсуары, і гарманізацыя з фонам зробленыя – бліскуча, па законах фатаграфічнага хараства. Старое часанае сякерай дрэва, дзе не відаць ніводнага цьвіка, кавалак драбіны і збан на слупку, а на перасячэньні лініяў дрэва, якія зыходзяцца ў вугал (якраз там, дзе кампазыцыйна трэба), годна і проста прысела спадарыня Сафея, з усьмешкай прыжмурана ўзіраючыся перад сабой.
            Якое годнае, прыгожае яе аблічча і ўся пастава!
            У якім стагоддзі зьнятая гэтая жанчына? У ХХ-м? А мо’ у ХІХ-м? Няма часовага антуражу, вобраз нібы раствараецца ў традыцыі, якая перажывае час. І толькі знаўца народнага адзеньня па пэўных дэталях падумае – усё ж у ХХ-м.