Ну чым ні каралева спадарыня Сафея (альбо бабуля, баба Сафея, як
казалі яе ўнукі)! Гэты выдатны партрэт зьняў на Палесьсі сьветлай памяці Міхась Раманюк.
Галоўная яго задача тут была – зьняць народны строй. А атрымаўся і строй, і
тыпаж, і прыўкрасны партрэт беларускай жанчыны. І кампазыцыя, і фон, і
аксэсуары, і гарманізацыя з фонам зробленыя – бліскуча, па законах
фатаграфічнага хараства. Старое часанае сякерай дрэва, дзе не відаць ніводнага
цьвіка, кавалак драбіны і збан на слупку, а на перасячэньні лініяў дрэва, якія
зыходзяцца ў вугал (якраз там, дзе кампазыцыйна трэба), годна і проста прысела
спадарыня Сафея, з усьмешкай прыжмурана ўзіраючыся перад сабой.
Якое
годнае, прыгожае яе аблічча і ўся пастава!
У
якім стагоддзі зьнятая гэтая жанчына? У ХХ-м? А мо’ у ХІХ-м? Няма часовага
антуражу, вобраз нібы раствараецца ў традыцыі, якая перажывае час. І толькі
знаўца народнага адзеньня па пэўных дэталях падумае – усё ж у ХХ-м.
Міхась
Раманюк захапіўся народным адзеньнем, мастацтвам і этнаграфіяй яшчэ студэнтам.
Скончыўшы інстытут, стаў выкладчыкам і пачаў (па прыкладу Лявона Баразны) езьдзіць па вёсках, зьбіраць і вывучаць нардныя скарбы.
Часта выпраўляўся ў экспедыцыю са сваімі студэнтамі. Справа разгортвалася, і
аднойчы ён кажа: “Такое хараство, такое багацьце, такія людзі! Які б гэта мне
фотаапарат набыць, каб добра здымаць?”
Я
на такія пытаньні адказваў звычайна без энтузіязму. Ведаў я гэтыя патаньні, калі людзі думаюць, што
добрыя здымкі зробіць за іх добры фотаапарат. Але кажу: “Дзеля таго, што ты
хочаш рабіць, трэба мабільны сярэдні фармат. Лепш люстранка 6х6. У СССР нічога добрага няма.
Замежнае недаступна. Можна дастаць хіба “гэдээраўскі” “Пентакон-сікс” пры
ўмове, калі валодаеш прыёмамі “даставаньня” на ўзроўні цыркавой эквілібрыстыкі.
Бо за мяжу цябе ніхто ня пусьціць”. Сказаў і забыўся.
Мінула,
можа, каля года. Сустракаю Раманюка з “Пентаконам” на шыі. Але ня гэта мяне
зьдзівіла (хаця на тыя часы зьдзіўляцца было чаму). Раманюк паказаў мне свае
фатаграфіі людзей з экспедыцыі. Уражаны, я перагледзеў усё і пытаю:
-- Хто гэта здымаў?
-- Я здымаў.
-- Ты?
-- Я.
-- Слухай, -- кажу, -- ты маеш
безумоўны фатаграфічны талент. Займіся фатаграфіяй. І хоць пачытай што-небудзь
пра фатаграфію. Разьвівай дар Божы!
Раманюк
спэцыяльна займацца творчай фатаграфіяй ня стаў, выкарыстоўваў яе толькі для
прыкладных этнаграфічных мэтаў, але тут скарыстаў свой “дар Божы” напоўніцу.
Ягоныя здымкі людзей у народных строях надзвычай прыгожыя, якасныя, адлюстроўваюць
хараство і годнасьць нашага народа. Міхась Раманюк не аднойчы паказваў мне
архіўныя фота (з пачатку ХХ стагоддзя) людзей у строях. “Паглядзі, якія
прыгожыя ўсе людзі, якая годнасьць у абліччах, якая шляхетная пастава!” – казаў
у захапленьні.
“Вось
тое ж і яно, -- кажу, -- і заўваж, у этнаграфічнай фатаграфіі, там, дзе зьнятыя
найперш людзі у касьцюмах, а не касьцюм на людзях, там адчуваеш, што гэта народ.”
Адметнасьць
Раманюка як этнаграфічнага фатографа якраз у тым і была, што, здымаючы адзеньне,
ён стварыў цэлую галерэю народных тыпажоў, вобразаў (такіх, як спадарыня Сафея),
людзей прыгожых зьнешне і ўнутрана, і замілаваньне яго гэтым народам відаць на
ягоных здымках.
No comments:
Post a Comment