У папярэдніх сваіх разважаньнях
я часта падкрэсьліваў важны пранцып у мастацтве фатаграфіі, які можна сфармуляваць
так: усё ў адным. Гэта значыць
адлюстраваньне самых характэрных і тыповых прыкметаў і сутнасьці зьявы ў адным
фота. Такім было фота Рыгора Барадуліна, зробленае Сяргеем Шапранам, “Маці
эмігрантаў” Даратэі Лянж (не экспанавалася), “Лукашызм альбо цёмнае царства”
невядомага аўтара, “Начны Манмартр” Брасаі і інш.
З
усіх фатаграфіяў Васіля Быкава ёсьць адна, дзе ў абліччы гэтага вялікага
чалавека адбіўся ўвесь ягоны лёс, відаць уся яго балесная, далёка схаваная
душа, тая душа, якая ў людзей выяўляецца ня так ужо й часта, бо кожны яе
беражэ.
Гэтая
фатаграфія была надрукаваная ў газэце “Народная Воля” ў дзень сьмерці Быкава. Відаць
тыя, хто яе зьмяшчалі на паласу разьвітаньня, разумелі тое самае, пра што я
кажу.
Фота
ёсьць удалай выдрукоўкай са здымка меншага маштабу. Аўтар не пазначаны. Але
газэта стала нібы сааўтарам гэтага твора. Я перазьняў яго з газэты і пры
мінімальнай тэхнічнай папраўцы зьмясьціў тады ў “Беларускіх Ведамасьцях” і ў
некаторых кніжках.
У
працэсе выдруку я зразумеў, што нічога ня трэба правіць, нават слабыя адбіткі
газэтных радкоў, што відаць на сьветлых месцах партрэта. Такая фатаграфія, якая
ёсьць, -- гэта ўжо фота-графічны твор з выкарыстаньнем сродкаў выразнасьці
паліграфіі. Зерне, растр, графічны кантраст – тое, што ў іншым месцы выяўляецца
як тэхнічны недахоп, -- тут усё працуе на графічную выяву і вобраз пісьменьніка
(тэхнічныя характарыстыкі ацэньваюцца як сродкі эстэтычнай выразнасьці).
Выяўленча ўсё глядзіцца прыгожа. Графічны кантраст узмацніў успрыняцьце
вобраза.
Зьвяртаю
ўвагу на вочы Быкава – жывыя, разумныя і трагічна-балесныя. У гэтым позірку я
чытаю ягоную “Доўгую дарогу да дому”, галоднае дзяцінства пад бальшавікамі,
вайну ад Масквы да Бэрліна, барацьбу за творчае існаваньне сярод навалачы і
здрады. Гэта погляд моцнага, адкрытага чалавека, які шмат перажыў, шмат
разумее.
Пісьменьнік
глядзіць проста ў аб’ектыў. А гэта стварае ўражаньне дыялёгу: “ён і мы”, “ён і
я”. Прынцып партрэта, калі чалавек глядзіць у аб’ектыў, выклікае часам вельмі
моцнае эмацыйнае ўражаньне. Вядома, не заўсёды, але бываюць моманты, калі ў
позірку адбіваецца канцэнтрацыя духа і гісторыя душы. Партрэт Быкава якраз
такі.
Графічная
структура фота узмацняе, абагульняе і адначасна -- аддаляе вобраз. Ён глядзіць
на нас тут, і нібы адтуль, здалёку, пасьля доўгай дарогі, чалавек, які
прадбачыў нішчэньне нацыі і цёмны час. Сумленьне і гонар нашай вялікай
беларускай літаратуры.
Гімн Беларускі гучыць.
Гэта мы яго сьпяваем – Фронт.
Рэквіем па няволі.
Ода для прышласьці
Над магілай Быкава
2003 г.
No comments:
Post a Comment