Monday, April 23, 2012

“ДОБРАЯ ФАТАГРАФІЯ”

“Добрая фатаграфія” гэта ёсьць цалкам аб'ектыўнае паняцьце. Яно (у адрозьненьне ад іншых мастацтваў) мае вельмі шырокую шкалу ацэнак і каштоўнасьцяў, што вынікае з самой прыроды фатаграфіі, фэнамэнальнай сутнасьцю якой зьяўляецца якасьць, якую мы называем “магія спыненага часу”.

У гэтым адметнасьць яе эстэтыкі, якая выяўляецца з цягам часу, прытым, бывае, уражвае так моцна, што спараджае адчуваньне, блізкае да медытацыі. У гэтым шмат хто пераконваецца, разглядаючы, скажам, даўнія фота сваіх сяброў, знаёмых, людзей і абставінаў мінулага і далёкага існаваньня. Па ўплыве часу бывае, што некалі здавалася б звычайнае аматарскае фота (нават здымак “на памяць”) выклікае ў нас трымценьне душы і ўспрымаецца зусім па-іншаму, як ацэньваўся раней – 20, 30, 40 гадоў таму. 



Калісьці даўно, калі я спрабаваў зьбіраць старыя камэры, наш знакаміты Вячка Целеш прыслаў мне з Рыгі (разам з “Кодакам” 1914 года) старую пажоўклую павільённую фатаграфію, зьнятую пры дзённым сьвятле недзе на пераломе стагоддзяў. На здымку была маладая нямецкая дзяўчына вышэйшага сьвету ў прыгожай белай сукенцы. Яна глядзела проста ў аб'ектыў, і я ня мог адарваць погляду ад гэтых вачэй. У іх была яе душа. Я адразу адчуў, зразумеў ня толькі яе, але і той час, у якім яна была, атмасфэру павільёну; здавалася, нават чуў голас фатографа ў кацялку: “Bitte, Fräulein, schau zu...”

Уражаньне ўзьнікала ў выніку калізіі паміж адчуваньнем і бачаньнем канкрэтнага вобраза канкрэтнай рэальнасьці (эфект прысутнасьці) і ўсьведамленьнем, што гэтая рэальнасьць ўжо не існуе (эфект адсутнасьці). Гэтая калізія і ёсьць адчуваньне спыненага імгненьня, якім валодае фатаграфія.

Трэба разумець, аднак, што ў аснове гэтага эфэкту ляжыць псіхалягічнае адчуваньне. Яно можа ўзьнікаць у іншых жыцьцёвых абставінах пры сутыкненьні з матэрыяльнымі сьведчаньнямі мінулага (у музэі, напрыклад, у археалагічным раскопе і г. д.). Але фатаграфія стварае вобразны адбітак рэчаіснасьці па законах хараства, і гэта выклікае якраз тое моцнае эстэтычнае перажываньне, пра якое мы тут гаворым.

Абазначаючы тэму “Добрая фатаграфія”, я ня стаўлю задачу паказаць узровень майстэрства таго ці іншага фатографа, ці пазнаёміць з шэдэўрамі прафэсійнай фатаграфіі (якія часам даволі банальныя). У аснову гэтага адбору будзе пакладзена адлюстраваньне часу, эмацыйнае ўражаньне вобразу, перажываньне чалавечага духу, адбіткі беларускай культуры, хараство Зямлі і людзей, трагічны і вечны аспэкты чалавечага існаваньня. Вобразнае ўражаньне і імгненьне часу будзе галоўным адборам.

Таму там, дзе гэтае адчуваньне ёсьць, патрабаваньні да тэхнікі абробкі фатаграфіі будуць з майго боку мінімальныя, нават калі гэтым адлюстраваньнем стане растравая фатаграфія з газэты ці шматкротная рэпрадукцыя з паліграфічнага выданьня. Зразумела, што тут будуць і аматарскія фатаграфіі, і фота невядомых (нявызначаных) аўтараў. Нікога гэта не павінна бянтэжыць, калі ў фатаграфіі ёсьць унікальнасьць, хараство і перажываньне духа. Вядома, прафэсійныя недахопы не скідаюцца з рахунку, але наш прыярытэт аддаецца культурнай каштоўнасьці, уражаньню і вобразу. 

Зянон Пазьняк.

No comments:

Post a Comment