Monday, April 23, 2012

РАЗДУМЛЕНЬНЕ НАД СТРАЧАНЫМ ХАРАСТВОМ

Фатаграфію як мастацтва запачаткавалі мастакі. Напачатку яна і была як бы галіной графікі з ужываньнем новых тэхнічных сродкаў. Потым шляхі традыцыйнага выяўленчага мастацтва і фатаграфіі адасобіліся, і кожнае пайшло сваёй дарогай.
             
Чалавеку з базавай мастацкай адукацыяй нескладана асвоіцца ў фатаграфіі, было б жаданьне і прыцягненьне (г. зн. любоў да гэтага занятку). Тым часам прыходзіцца назіраць, як шмат хто з мастакоў фатаграфуе, але здымае абы як, пастаянна робіць элемэнтарныя памылкі.
            Прычына, як правіла, адна: такая асоба ня ставіць перад сабой творчых фатаграфічных задач, а здымае, звычайна, для ўжытковых патрэбаў, карыстаецца фатаапаратам як дапаможным сродкам фіксацыі.
            Вядомы беларускі мастак зь Пінска Яўген Шатохін такія задачы якраз ставіць і шмат здымае для свайго творчага задавальненьня, не прэтэндуючы ні на якія паказы і экспазыцыі. Ён здымае для сябе, ня росьцячы ніякіх прэтэнзіяў. 


            Мне ўдалося праглядзець каля сотні ягоных фатаграфіяў, і там я знайшоў шмат таго, што ў тэму “добрая фатаграфія” наўпрост трапляе. Сюжэты ягонага аб’ектыва – краявіды Беларусі, віды гарадоў, вёсак, пабудоваў, дарог, неба і рэк – словам, культурны і прыродны вобраз Айчыны.
            Як мастак, ён добра валодае прасторавай кампазыцыяй, адчувае мастацкі падтэкст фатаграфічных дэталяў і, што істотна, умее заўважыць настрой рэчаіснасьці і перадаць, выявіць яго ў сваёй фота-карціне, адчыніць другі плян выявы цераз тонкае пачуцьцё, што наводзіць на раздумленьне.
            Ягонае творчае крэда ў здымках выразна мастацкае і характэрна клясычнае – адлюстраваньне тыповага праз хараство. Такім зьяўляецца, напрыклад, ягоны здымак старога Пінска. Назавём яго “Пінск над Пінай”. Падыход тыпова жывапісны, зь веданьнем імпрэсіяністычнай эстэтыкі. Тут галоўным ёсьць асаблівае сьвятло і зімовы настрой шэрага сьнежнага мокрага дня, які добра перададзены на фота. Клясычна скарыстаны пярэдні плян, які дае патрэбны тут “мокры” каляровы акцэнт у гэтай, па сутнасьці, чорна-белай выяве.


            Цэнтрам кампазыцыі зьяўляецца гмах Езуіцкага калегіюма, што ўзвышаецца над Пінай, і дзівоснае сьвятло на засьнежаным ягоным даху. Потым пэрспэктыва плаўна зыходзіць управа, да цёмных вежаў архітэктурнага ансамбля Францішканаў.
            Уся глыбінная выява, і асабліва шэра-сьвінцовае “зярністае” неба, робяць уражаньне, што зьнята на вузкую каляровую стужку тыпу “Кодак”, але на самой справе Шатохін ня вельмі клапоціцца пра тэхнічны рыштунак. Здымае на лічбавую кампактную аматарскую камэру другога пакаленьня, якой налаўчыўся дасканала валодаць і якая пакуль служыць яму, задавальняючы нескладаныя вымогі.
            Наступную фатаграфію “Пакінуты хутар” я адношу да тых прыгожых настальгічных здымкаў, дзе сутыкаюцца катэгорыі эстэтыкі і антыэстэтыкі – запусьценьня і хараства. (І дасягаецца тут поўная перамога эстэтыкі.) Гэта вельмі тонкая матэрыя ў мастацтве найбольш распрацаваная рамантызмам. Мяжа тут вельмі зыбкая; лёгка можна скаціцца ў натуралізм і паскудзтва, у сантымэнтальнасьць і пошласьць, у прэтэнцыёзнасьць і пустату. 


            Па маіх назіраньнях, мяжой, мерай і крытэрам у гэтых дачыненьнях мастацтва зьяўляюцца – талент, густ і культура мастака. Усе правілы апрыоры – прыблізныя. Дакладна магчыма казаць толькі тады, калі ёсьць твор, які можна бачыць і адчуваць.
            Агульнага натуралізму мастак пазьбег таксама перавёўшы выяву ў чорна-белае вымярэньне. Уся карціна танальна “сабралася” і абагулілася ў дэталях, усё візуальна ўпісалася ў адчуваньне ціхага летняга беларускага дня. Прыгожая сьветлая трава, пахілены ворат на студні, вядро, закрыты бэтон, лавачка з сьветлае дошкі і кубак на ёй. Колькі гадоў стаіць – хто-небудзь дастане вады і культурна пап’е. А ў пэрспэктыве відаць старая адрына і рэшткі дзіравай страхі – цёплае былое жыльлё людзей, якіх выгнаў навечна Чарнобыль.
            Тут прыгожая карціна жыльля пад соснамі, двор, зарослы высокай травой, здаецца, чуецца летні пах, цішыня, краса і спакой, ад якога сьціскаецца сэрца. Сьціскаецца, нават ня ведаючы, што перад намі Чарнобыль. Падтэкст трагедыі ўрываецца ў нашу сьвядомасьць і пануе над хараством пакінутае зямлі.
            Усё, пра што тут кажацца і адчуваецца (сьведама ці падсьведама), першы павінен быў адчуць фатограф-мастак, перш чым націснуць на спуск заслонкі.
            Шатохін зрабіў гэтую сэрыю здымкаў з Чарнобыльскай зоны. Усе яны пранізаны цёплай красой, меланхалічнай эстэтыкай запусьценьня і страчанага хараства. І ад гэтага ягоныя фатаграфіі вельмі шчымяць. Так Чарнобыль яшчэ ніхто не здымаў.
            Як мастак ён разумее сэнс дэталяў быту і сымволікі рэчаў, праз якія перадаецца агул, зьява і цэлы сьвет. Гэта вакно, брама, дзьверы, дрэва, поле, аблокі – вечныя вобразы нашага фальклёру, за якімі стаіць зьмест, якімі збудаваная наша народная мэнтальнасьць і ўспрыняцьце. Мастацтва апэруе гэтымі катэгорыямі і сымваламі, і талент заўсёды іх адчувае.



            Калі нават ня ведаць, што фатаграфія вакна зроблена ў Чарнобыльскай зоне, яна ўсяроўна ўзбуджае душу адчуваньнем прыгожага і маркотнага запусьценьня і няўлоўным трагізмам пакінутага існаваньня. Сонечны дзень – і белай фіранкай заштораныя шыбы, воблакі адбіваюцца ў шкле, і дзікі хмель паўзе наверх з-пад нізу, чапляючыся за ліштвы. Пройдзе час – ён заслоніць-заросьціць усё вакно, дзе зьвязаліся лёсы, якіх тут ужо няма.
            Рассыхаюцца сьцены, бярвеньні і ліштвы пад сонцам, і не адчуваецца ўжо тут чалавечай рукі, і толькі драўляныя галубы на каронцы вакна нагадваюць пра цёплы далёкі быт.
            Нішто так глыбока і балесна не перадае нацыянальную трагедыю Чарнобыля, як фатаграфія. Яна можа адчуваць так глыбінна, як чалавечае сэрца, і перадаць гэты боль іншым, здольным яго пачуць. Трагізм па-над простым, цёплым, страчаным хараством, над мінулым жыцьцём і лёсам, над раздумленьнем аб прышласьці і быцьці.

22. 11. 2010 г., Варшава                                                                     Зянон ПАЗЬНЯК

No comments:

Post a Comment