Saturday, June 2, 2012

Зянон Пазьняк. Горад цудоўны юнацтва



Самыя вялікія мастацтвы –
Музыка Боская
І фатаграфія чалавечая.
Музыка – вечнасьць.
У фатаграфіі – адбітак яе –
Дачасная плыннасць быцьця.

Зянон Пазьняк.“Карціна сьвету”

...Да таго, як адкрыць сьвету праўду пра Курапаты, Зянон Пазьняк набыў вядомасьць як прафэсійны фотамастак. Ягоны альбом, прысьвечаны Мінску, выйшаў у 1968. У 1970 годзе ён выдаў фотаальбом “Браслаўшчына”. Пасля быў славуты фотарэпартаж у часопісе “Маладосць” пра супольнае, з Ўладзімерам Караткевічамі Валянцінам Ждановічам, падарожжа па Прыпяці. Удзельнічаў у шматлікіх фотавыставах. Здымкі розных гадоў зьмешчаныя і ў апошніх кнігах Пазняка – “Глёрыя Патрыя” і “Вялікае Княства”.

...Мінск сярэдзіны 1960-х стаў ня толькі адным з буйнейшых цэнтраў мастацтва і навукі ў Еўропе, але і апірышчам паваеннае беларушчыны. Менавіта ў тыя гады, надзвычай важныя для дасьледваньня нашай нацыянальнай ідэнтычнасьці, у сталіцы быў створаны той комплекс ідэяў, што перадвызначыў далейшае развіццё Беларусі. Разам з адраджэньнем ідэяў стварэньня нацыянальнага паводле формы мастацтва,  зацвікоўваліся і монгія ідэалагічныя штампы, кшталтам цалкам знішчанага ў вайну горада-героя, сталіцы рэспублікі-партызанкі, дзе паўстала магутная прамысловасьць і г.д...

Зянон Пазьняк першым, з фотамастакоў, паставіў сабе задачу выснаваць і выявіць сутнасьць Менска. Сёньня любы дарослы можа распавесці, дзе тут і што было колькі гадоў ці дзесяцігодзьдзяў таму. Змянілася усё, што магло змяніцца. Але ў Менску яно мяняецца нават і тады, калі змяняцца нібы і няма чаму. Каб было ня так, то адкуль яшчэ бяруцца ў Менску памяткі мінуўшчны?  У фотаальбоме Зянона Пазьняка "Мінск", што выйшаў яшчэ ў 1967, здымкі ў якім адыходзілі ад традыцыі афіцыёзнай дэіндывідуалізаванай рэпрэзентацыі сталіцы, горад паўстае нечакана шматаблічным.  

...Значэнне здымкаў і мастацкіх вобразаў Пазняка для беларускай фатаграфіі XX стагоддзя можна грунтуецца на трох асноўных падствах. Перш за ўсё, Пазняк стварыў складаны вобраз Мінска, што абапіраецца як на атрыбуты класічнага мастацтва, так і на спецыфіку сучаснага бачаньня. З іншага боку, гарадзкая прастора ў фатаздымках Пазняка апынулася адным з першых прыкладаў прадстаўлення горада як адзінага арганізма. Яго фатаграфіі прадэманстравалі, як з бясконцага набору традыцыйных складнікаў можна сабраць рэальнасць, падпарадкаваную новым законам і правілам. Яго фатаграфічная манера імкнецца да гратэску, але менавіта гэта дазваляе агаліць і падкрэсліць супярэчнасць і несуладнасць гораду, гэтак уласцівыя для тагачаснага Мінска, знешне ціхамірнага, зычлівага, а месцамі нечакана велічнага. Нарэшце, здымкі Пазьняка прымусілі верыць, што і сучасны горад уяўляе сабой бясконцую камбінацыю традыцыйных дэталяў, і што яго ненатуральны, механістычны характар заключаецца не ў навізне дэталяў і формаў, а ў іх парадаксальных спалучэньнях. Шмат у чым менавіта гэтыя прыёмы вызначылі пошукі вобразу горада цягам XX стагодзьдзя ў беларускай фатаграфіі.

... Але, перадусім, у сваіх творах Пазняк стварыў дакладны і пры гэтым непаўторна своеасабліва адлюстраваны вобраз менскае рэчаіснасьці паваеннага часу. Горад паўстае то халодным, то, часам, легкадумным і непрытульным, а часам наддварот -- дагледжаным і абжытым. Вялікая частка мастацкага даробку Пазняка -- здымкі архітэктурных аб'ектаў, здабыткаў даўніны. Важнай задачай для Пазьняка і ў далешым ў жанрах гарадской і архітэктурнай фатаграфіі будзе выступаць фотафіксацыя помнікаў архітэктуры. Для ягонай творчасьці вельмі характэрнае выкарыстаньне архітэктурнай гарадзкой фатаграфіі дзеля стварэння дакументаў. У Пазьняковым альбоме "Мінск" мы бачым старасвецкі брук, мудрагелістыя карункі каванак, помнікі дойлідства, што былі зруйнаваныя ў наступныя дзесяцігоддзі.

...Традыцыя ўрбаністычнага краявіду, архітэктурных сюжэтаў і відаў Мінска, вельмі глыбокая ў традыцыі беларускай фатаграфіі ад часоў братоў Барэці і Балзунеквіча. Аднак варта адзначыць, хоць сістэмны падыход да фіксацыі гарадскога асяроддзя быў, несумненна, агульным, але падабенства візуальных эфектаў на фотаздымках Пазняка і майстроў сярэдзіны XIX стагоддзя дасягалася рознымі спосабамі. З аднаго боку, па фармальных прыкметах яго фатаграфіі прадстаўлялі дастаткова простыя замалёўкі мінскіх вуліц і помнікаў другога, неклішэванага шэрагу. З іншага, гэтыя відавочныя аб'екты, знятыя без прымянення якіх бы то ні было спецыяльных эфектаў, набываюць у Пазьняка нечакана глыбокі сэнс, ператвараючыся ў складанае і невідавочна візуальнае выказванне.

Для сюжэтаў Пазняка не менш важным за гарадскія муры ёсць паўсядзённасць, уласна чалавечае жыццё. Пазняк стварыў адныя з першых жанравых фатаграфічных сцэн ва ўрбаністычным асяродку і тым самым паспрыяў з'яўленню новага тыпу гарадскога героя, які стаў персанажам новай гарадской прасторы. Часам гэта погляд іранічны, часам сентыментальны. Сярод іншых вылучаецца менавіта гэта дзявочы партрэт. Гераіня, чый светлы воблік выхаплены аўтарам з шэрай людзкай масы, знаходзіцца ў жывой повязі з творцам, які і не хавае сваго захаплення ёю. Калі ў выдавецтве "Беларусь" выйшаў першы фотаальбом Пазьняка, прысвечаны Менску, аўтару было толькі 23 гады...  А ягоная праца сярод альбомаў тых часоў вылучалася і лірызмам, і складанымі графічнымі тэхнікамі.  У гэтай кнізе суладна зьнітаваныя і паэтычная, і фатаграфічная плыні. Часам аптымістычны настрой фотамастака ў альбоме "Мінск" наўпрост падмацоўваецца мажорнымі вершаванымі радкамі Горад цудоўны юнацтва майго кветкамі скверы усыпаў... Вершы ў гэтым альбоме датасаваныя да  фотаздымкаў, а часам -- наадварот. Гэты радок скарыстаны ў кнізе як подпіс да здымка, на якім выяўлена дзяўчына сярод чалавечага тлуму. Мастак вылучыў яго ўручную, пры дапамозе нескладных тагачасных тэхналогіяў. І гэтая рукатворнасць надае здымку непаўторную абаяльнасьць. У тую эпоху падобнымі рэчамі амаль ніхто не займаўся. Бо, перадусім, Пазняк ставіў сабе задачу стварыць праз юны жаночы вобраз вобраз пакалення, часу і гораду. І гэта быў першы досевд асэнсавання вобраза горада ў фотамастацтве ХХ стагоддзя.

No comments:

Post a Comment